У 50-60-я гады XX ст. кузня ў вёсцы Таль знаходзілася на месцы, дзе зараз магазін. Мясцовыя кавалі выконвалі заказы калгаса “Беларусь”, абслугоўвалі сваіх аднавяскоўцаў. Найбольш запатрабаванымі былі вырабы металічных частак вазоў, рамонт плугоў, культыватараў, дробных рэчаў, неабходных у сялянскай гаспадарцы.
У складзе экспазіцыі ёсць наступныя кавальскія вырабы: вялікія і малыя малаткі, некалькі кляшчоў розных памераў і прызначэння, зубілы, ціскі (шрубстак), маленькае кавадлачка (шпарак), гваздзільня, набор прабойнікаў, прылады для нарэзкі разьбы, свердзел, чапляя, клямка дзвярная, зуб бараны, крук для завесы, кручок-зашчапка, цвікі, падковы, бязмен, прыстасаванне для віцця вяровак.
Экскурсавод расказвае наведвальнікам, як і дзе звычайна будавалася кузня, як цанілася праца каваля на вёсцы, якія цуды ён мог выкаваць сваім кавальскім молатам.