Ткацтва для беларусаў заўсёды мела выключнае значэнне як від гаспадарчай дзейнасці. Ткалі і пралі ў кожнай хаце. Асноўнай культурай, якая давала так многа працы селяніну, быў лён.
І перш, чым запрацуюць кросны, трэба было прыкласці вялікія намаганні ўсім членам сям’і, каб лён пасеяць, прапалоць, сабраць, паслаць, узабраць, памяць, патрапаць, часаць, прасці, потым заснаваць кросны і выткаць.
Экспазіцыя “Ткацтва” прадстаўлена дзеючым ткацкім станком, які ўстанавілі мясцовыя майстрыхі Валянціна Паўлаўна і Яўгенія Мікалаеўна. Дзякуючы ім, мы можам назіраць, як ствараецца тканы выраб. Побач са станком размешчаны ткацкія вырабы: посцілкі, абрусы, ручнікі, андаракі, кашулі. У цэнтры экспазіцыі размешчаны прылады для апрацоўкі льну: церніца, трапач, часальная дошка, прасніца, матавіла, самапрадка, пранік, сукала.
Экспазіцыя, прысвечаная ткацтву, расказвае, які шлях праходзіць лён, каб ператварыцца ў палатно, кашулю, ручнік – намёт, абыдзеннік, вясельны, набожнік.
Наша вёска Таль таксама вызначаецца багатымі ткацкімі традыцыямі. Ткачыхі-майстрыхі ткалі адмысловае палатно, з якога шылі адзенне, упрыгожваючы яго вышыўкай і карункамі. Даволі распаўсюджаным было вышыванне крыжыкам і гладдзю. Разнастайныя посцілкі, ручнікі рознага прызначэння вызначаюцца багаццем ўзору, насычанай колеравай гамай.
Каб апрацаваць лён, патрэбна было прыкласці не толькі вялікія намаганні, але і мець многія прылады і прыстасаванні, якія гаспадары звычайна выраблялі самі.
На кожным этапе апрацоўкі льну ўжываліся адпаведныя прылады працы.