bezh-TWenru

  • Папаўненне фондаў музея шляхам арганізацыі пошукавай дзейнасці і паходаў школьнікаў
  • Наладжванне перапіскі і асабістых кантактаў з рознымі арганізацыямі і асобамі 
  • Усталяванне сувязі з іншымі дзяржаўнымі і школьнымі музеямі 
  • Вывучэнне сабранага матэрыялу, яго ўлік і захоўванне
  • Стварэнне і захоўванне экспазіцый, стацыянарных і перасоўных выстаў
  • Правядзенне экскурсій для навучэнцаў і настаўнікаў, бацькоў, ветэранаў, работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў
  • Выкарыстанне музейных матэрыялаў у навучальным працэсе

Галоўная форма работы музея – экскурсіі: аглядныя, тэматычныя, экскурсіі аднаго экспаната. Тэматыка аглядных экскурсій: "Мы ўзышлі не з насення...", "Справа майстра баіцца" (беларускія народныя рамёствы), "Па сукенцы бачаць, хто такі ідзе" (традыцыйны касцюм беларусаў), "Як сцежкі ў полі – ручнікі", "Трапкач – самы старажытны ручнік". У музеі ўжо назапашана многа матэрыялу для розных відаў экскурсій. Разам з дзецьмі адбіраем патрэбны, вучымся расказваць.

Тэму экскурсіі распрацоўваем звычайна на месяц. Наведаюць усе класы, тады пачынаем развучваць новую.

Удзел вучняў у рабоце школьнага музея садзейнічае фарміраванню іх моўнай культуры. Напрыклад, каб падрыхтаваць экскурсію ў гістарычным музеі, дзецям патрэбна вывучыць назвы ўсіх экспанатаў, ведаць іх прызначэнне. Патрэбна сумець правесці аглядную экскурсію, тэматычную, свабодна аперыраваць вывучаным матэрыялам. Апроч таго, патрэбна ўвесь час падтрымліваць цікаўнасць слухачоў, умець заінтрыгаваць. Зрабіць гэта дапамогуць малыя жанры беларускага фальклору: прыказкі і прымаўкі, загадкі. Напрыклад:

3 рамяством дружыць – у жыцці не тужыць.

Найсмачнейшы хлеб ад сваёй працы.

Гультайства горш за хваробу.

Дзе шчырая праца – там густа, а дзе лянота – там пуста.

Праца нікога не ганьбіць.

Справа майстра баіцца.

Зверху гола, знізу лахмата, цяплом багата. (Кажух)

Пяць пунь, адны вароты. (Пальчаткі)

Не звер, а махнаты, не конь, а з вушамі. (Шапка)

Ідзе – скрыпіць, стане – маўчыць. (Боты)

Хата рагата, вокан багата, як улезеш – не вылезеш. (Рыбацкая сетка)

Малады Ягор сеў на конь і паехаў у агонь. (Гаршчок на вілах)

Работа ў музеі пашырае слоўнікавы запас вучняў. Напрыклад, прапаноўваецца заданне падабраць словы на літару "э", звязаныя з працай у музеі: экскурсія, экскурсавод, экспанат, этыкетка, экспазіцыя, этнаграфія.

Мэта работы музея дасягаецца таксама пры правядзенні лекцый пра беларускую народную культуру: "Беларуская сялянская хата ў прасторы Сусвету", "Сімволіка кутоў беларускай сялянскай хаты", "Сімволіка печы ў беларускай сялянскай хаце", "Сімвалічная роля стала", "Традыцыйныя тыпы паселішчаў і жылля на Беларусі", "Сімволіка ў беларускім народным арнаменце і дэкоры".

3 задавальненнем рабяты прымаюць удзел у фальклорных святах, такіх як "Каб Калядачак цэлы гадочак", "Шырокая Масленіца", "Саракі", "Купалле", "Вячоркі ў Паўлінкі", "У гасцях у Несцеркі", "Піліпаўскія вечары", "Беларускія пасядзелкі", "Картофельные посиделки". Развучваюць калядныя песні, вясновыя, купальскія; вучацца вадзіць карагоды, разыгрываюцца тэатралізаваныя сцэнкі. Дзеці вучацца жартаваць, спяваць віншавальныя песні, у якіх абавязкова выказваюцца пажаданні, каб быў добры ўраджай, каб усе былі здаровыя. Гэта развівае іх артыстычныя здольнасці, уменне трымацца на сцэне, выпрацоўвае правільную (адмысловую) дыкцыю, узбагачае інтанацыю. Так паступова дзеці знаёмяцца з народнымі святамі беларускага земляробчага календара і адначасова вучацца любіць сваю радзіму, родную мову, быць ветлівымі, добразычлівымі, сумленнымі, гасціннымі.

Як ты да людзей, так і людзі да цябе.

Добрая слава лепш за багацце.

Сам добры – людзі добрыя.

Не так дораг абед, як дораг прывет.

Хоць кашуля чорная, але сумленне чыстае.

Шануй людзей, то і цябе пашануюць.

Хата гасцямі багата.

Чым маю, тым і прымаю.

У час работы неабходна звяртаць увагу дзяцей на прыгожую, вобразную мову фальклорных твораў: метафарычныя эпітэты, трапныя параўнанні.

У музеі праводзяцца ўрокі беларускай літаратуры і мовы, гісторыі: "Дзе карані твае, адкуль твой род пачаўся" ("Літаратурнае чытанне", 4 клас), "Нашы продкі" ("Чалавек і свет", 4 клас), Уладзімір Караткевіч "Зямля пад белымі крыламі" ("Беларуская літаратура", 7 клас): "Вёска, о родная вёска мая!", "Людзі зямлі беларускай", "Просім у хату, госцейкі нашы!". Факультатыўныя заняткі "Асновы моўнай культуры" (3 клас): "У кузні", "Ткацтва", "Матэрыялы для пляцення", "У майстэрні сталяра. Інструменты", "У майстэрні ганчара".