bezh-TWenru

Бандарныя вырабы ў сялянскай хаце заўсёды займалі пачэснае месца. Наогул, бандарны посуд быў вядомы чалавеку яшчэ ў 1-2 ст. да н. э.

Амаль у кожнай вёсцы быў бондар, які вырабляў посуд на заказ. Звычайна ж бондарствам займаліся многія гаспадары ў свабодную ад сельскагаспадарчай працы часіну. Але адмысловы посуд атрымліваўся толькі ў майстра.

Першапачаткова чалавек выкарыстоўваў для посуду дуплістыя ствалы дрэў, падгледзеўшы іх выкарыстанне ў птушак, звяроў, пчол. Нездарма бортніцтва было даволі распаўсюджаным заняткам беларусаў. Рамантуючы калоды-борці, людзі вынайшлі абруч, з дапамогай якога пачалі ладзіць драўляны посуд з асобных апрацаваных дошчачак – клёпак.

З таго часу ёмістасць драўлянага посуду ўжо не залежала ад канкрэтнага дуплістага ствала. Драўляны посуд, пры неабходнасці, можна было рабіць любых памераў.

У сялянскім побыце вёскі Таль выкарыстоўваўся розны драўляны посуд. Прадстаўленыя ўзоры адносяцца як да клёпачнага, так і да дзяўбанага спосабу вырабу драўлянага посуду.

Дзежкі, кадзі, кубельчыкі, каўшы, вёдры – усё гэта і многае іншае вырабляў кожны гаспадар, ці заказваў майстру-бондару. Аб тым, што бандарнае рамяство было шырока распаўсюджана, сведчаць нават прозвішчы: Бандарык, Бандарэц, Бондар.

У экспазіцыі “Бондарства” прадстаўлены бандарныя вырабы двух відаў – дзяўбаныя і клёпачныя: маслабойка, біклага для вады, дзежкі для закваскі і замешвання хлеба, выдзяўбаныя начоўкі, кубельчыкі, карэц, ступа, мерны драўляны коўш.

Прадстаўленыя вырабы адрозніваюцца не толькі па свайму прызначэнню, але і па спосабу вырабу.

Лепшым драўляным матэрыялам для вады і вадкіх рэчываў была елка. Драўніна яе вызначалася цвёрдасцю і была менш успрымальнай да вільгаці.

Драўляны посуд для бытавых патрэб выраблялі з розных парод драўніны. З дубу рабілі вёдры, кубельцы і дзежкі, бочкі і кадкі пад квас, сок, грыбы, агародніну. З сасны найчасцей выраблялі цэбры, балеі, кублы. З асіны – бочкі пад капусту.