Экспазіцыя складаецца з наступных раздзелаў: “Мая вёска – мая калыска”, “Гадавое кола свят беларусаў”, “Вёска мая песенная”, “Зямля беларуская, святая…”.
Аглядавая экскурсія пачынаецца са стэнда “Мая вёска – мая калыска”, на якім размешчаны фотаздымкі, што адлюстроўваюць саральныя месцы вёскі Таль. Гэта і цудоўныя ваколіцы, і Свята-Троіцкая царква, і знакаміты Божы Камень ля вёскі Ператок. Мясцовымі рэзчыкамі па драўніне аздоблены калодзежы, якія сімвалізуюць вечнасць і прыгажосць чалавечага жыцця.
Другі раздзел, што знаходзіцца ў цэнтры экспазіцыі, прадстаўляе каляндар гадавых свят. А свят у нас даволі многа.
Наша вёска песенная, бо спяваць нашы аднавяскоўцы вельмі любяць, і ніводнае свята не абходзіцца без іх удзелу. Аб гэтым сведчыць раздзел экспазіцыі “Вёска мая песенная”.
Апошні раздзел “Зямля беларуская, святая…” прадстаўляе гісторыю вёскі Таль.