На базе школьнага гістарычнага музея “Вытокі” прайшоў занятак-экскурсія “Запрашаем у нашу хату”. Удзел прынялі настаўнікі і вучні 6, 9 класаў.
Экскурсаводы пазнаёмілі ўсіх прысутных з экспанатамі музея, якія былі сабраны ў жыхароў вёскі Таль. Некаторыя з прадметаў да апошняга моманту яшчэ выкарыстоўваліся па прызначэнні.
Падчас правядзення занятку гучалі абрадавыя песні, чыталі на памяць вершы, прыказкі і прымаўкі, разгадвалі загадкі, пазналi сакрэт багацця і дабрабыту ад Гаспадыні і Гаспадара.
Напрыканцы кіраўнік музея Алена Мікалаеўна Русаковіч прапанавала настаўнікам прыняць удзел у майстар-класе “Узор цудоўны ручніка стварае мая рука”. Трэба было пафантазіраваць, намаляваць, а затым і прэзентаваць свой узор на ручніку, які сімвалізаваў бы сонейка, бо ў старыя часы Сонца абагаўлялі, да яго звярталіся за дапамогай.
У захапленні ад мерапрыемства засталіся як дзеці, так і дарослыя.





